Падарожжы па Нясвіжчыне. Свята-Крыжаўздвіжанскі храм у вёсцы Вялікая Лысіца.

21.09.2020

Для тых, хто зразумеў смак падарожжаў духоўных, любая дарога не ў цяжар. А пачаткоўцам лепей не ехаць за далягляды, а азірнуцца спачатку навокал. У любой мясцовасці па міласці Божай захаваны храмы, у якіх абавязкова трэба пабываць. Наведвальнікі гуртка “Юны Журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа і клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”, ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа” працягваюць свае падарожжы па Нясвіжчыне. 11 верасня яны пабывалі ў Свята-Крыжаўздвіжанскім храме вёскі Вялікая Лысіца. Пра яго гісторыю расказаў настаяцель іерэй Аляксандр Мельнікаў.

Рабяты даведаліся, што Свята-Крыжаўздвіжанскім храм быў пабудаваны ў 1914 годзе замест драўлянага храма, які пасля разабралі. Зараз месца старога храма не занята пабудовамі, а цяперашнюю царкву людзі называюць новай, нягледзячы на тое, што яна некалькі гадоў таму адзначыла сваё стагоддзе. Бацюшка расказаў і пра аднаго з навамучанікаў зямлі Беларускай, протаіерэя матфея Крыцука, які некалі служыў у гэтым храме.

Гэта быў сапраўдны пастыр, які ведаў патрэбы і нягоды сваіх прыхаджан. Ён быў гатовы заўсёды суцешыць і дапамагчы не толькі словам, але і справай. Арыштавалі айца Матфея за захаванне нібыта антысавецкай літаратуры. У 1950 годзе, у заключэнні, айцец Матфей аддаў дух свой Богу, якому служыў. Айцец Аляксандр Мельнікаў парадаваўся, што і на Нясвіжчыне ёсць свае нябесныя заступнікі за нас, за нашу зямлю, нашу айчыну.

Ікона гэтага святога — адна з самых прыгожых у храме. Яе падараваў святар, які калісьці асабіста ведаў айца Матфея, які яго вянчаў з матушкай, а таксама благаславіў на паступленне у духоўную семінарыю.

Айцец Аляксандр адзначыў:

— Кожны чалавек, які заходзіць у царкву, становіцца на некаторы час святым, таму што за парогам мы пакідаем усе свае клопаты, смутак і патрэбы. Мы далучаемся да той святасці, якую падараваў усім веруючым людзям сам Бог. У храме мы молімся, каб жыць з усімі людзьмі у любові і міры. Бо чым болей любові і міра, тым лепш жывецца ўсім.

Закончылася падарожжа майстар-класам па прыгатаванні піцы ў італьянскай печы, якую святар зладзіў сваімі рукамі. Матушка Наталля прапанавала найсмачнейшы чай, які таксама сабрала і нарыхтавала сама. Айцец Аляксандр не толькі падзяліўся з рабятамі кулінарнымі сакрэтамі, але і паразважаў пра галоўныя ісціны нашага жыцця, благаславіў на добрыя справы ў новым навучальным годзе. Будзем спадзявацца, што словы святара назаўсёды застануцца ў памяці ўдзельнікаў падарожжа.

IMG_7776

IMG_7793

IMG_7806

IMG_7802