Выстава ікон ў салоне-галерэі “Скарбніца”

21.09.2020

18 верасня 2020 г. ўдзельнікі сумеснага праекта ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны””, ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа”  “Парады з вуснаў несвіжан”, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа і прадстаўнікі раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы наведалі выставу ікон ураджэнкі г.п. Гарадзея Святланы Мікалаеўны Мартос, якая зараз ладзіцца ў салоне-галерэі “Скарбніца”. Супрацоўніца салона Святлана Георгіеўна Емяльянава расказала, што аўтар выставы займаецца бісерапляценнем, фааміранам, вышывае карціны. Вышыўкай ікон Святлана Мартос пачала займацца пасля наведвання манастыра. Там ёй асабліва спадабалася ікона Матроны Маскоўскай. Вышываць іконы самой было боязна, але ўжо ў пачатку праца захапіла.

— Хочацца перадаць людзям сваю радасць, укладаючы ў кожную бісеранку частачку душы, — дзеліцца сваімі думкамі Святлана Мартос.

На выставе ў салоне-галерэі прадстаўлены іконы Божай Маці, Ісуса Хрыста, Анёла-Ахоўніка, святога праведнага Іаана Кранштадскага Цудатворца і іншыя.

Гэта не першая выстава майстрыхі. За высокае майстэрства і актыўную выставачную дзейнасць Святлана Мартос неаднаразова  узнагароджвалася дыпломамі.

   Святлана Емяльянава па просьбе  будучых журналістаў расказала і пра іншых мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, работы якіх рэгулярна ўпрыгожваюць сцены салона.

   Сваімі ўраджаннямі ад пабачанага  ўсе ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі за кубачкам гарбаты ў краязнаўчай  зале Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.

     А 23 верасня бягучага года на сустрэчу са Святланай Мартос паспяшаюцца наведвальнікі гуртка “Духоўнае слова” СШ №4 г. Нясвіжа, бо менавіта гэта падзея стане пачаткам новага сумеснага праекта аддзела па рабоце з дзецьмі ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, Нясвіжскага благачыння і СШ № 4 г. Нясвіжа.

 

поделиться в: