Конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі «А верш імкнецца да нябёсаў…»
28.12.2020“ А верш імкнецца да нябёсаў…”
Душа кожнага чалавека імкнецца да нябёсаў. Нават, калі яна пра гэта яшчэ не ведае. І было б вельмі добра, каб і кожнае наша слова таксама да нябёсаў імкнулася, было ўзвышаным, прачуленым, лагодным і шчырым. Такім, як у вершах, якія гучалі з вуснаў удзельнікаў конкурсу чытальнікаў духоўнай паэзіі «А верш імкнецца да нябёсаў…», які стаў традыцыйным, бо праходзіць ужо трэці год на базе СШ № 4 нашага горада. Конкурс прысвечаны аднаму з найцудоўнейшых святаў, якое хутка завітае да нас — святу Нараджэння Хрыстова. Яго арганізатары — супрацоўнікі Нясвіжскай цэнральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, педагогі СШ № 4 г. Нясвіжа і благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка.
Кожную справу трэба пачынаць з благаславення. Таму на пачатку конкурсу да ўдзельнікаў звярнуўся клірык храма Узнясення Гасподня іерэй Іаан Уханаў. Айцец Іаан не толькі благаславіў рабят, але і паразважаў аб важнасці такой падзеі ў лёсе ўсяго чалавецтва, як прыход у свет Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Вітала канкурсантаў і сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, рэгент аднаго з хораў храма Узнясення Гасподня Алена Расціславаўна Шаблоўская, аўтар шматлікіх вершаў і песень духоўнай тэматыкі.
Конкурс праходзіў у трох узроставых катэгорыях. Сярод жадаючых пазмагацца ў майстэрстве чытання паэтычнага слова былі вучні чацвёртых, пятых і дзявятых класаў. Удзел у гэтай падзеі стаў для іх чарговым повадам папрацаваць на ніве духоўнай.
Кампетэнтнае журы ў складзе старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раёна Кацярына Віктараўна Дубовік, загадчыка аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Алёны Валер’еўны Чухлей, амесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 г. Нясвіжа Вольгі Леанідаўны Жукоўскай, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Расціславаўны Шаблоўскай і старшыні журы клірыка храма Узнясення Гасподня іерэя Іаана Уханава вызначыла пераможцаў.
Сярод чацвёртакласнікаў лепшай стала Аляксандра Сівуда-Вардомская, якая найцудоўнейшым чынам прадставіла верш беларускай паэткі Святланы Зубовіч “Наряд”, запрасіўшы да сатворчасці сястру Паліну. Другое месца атрымаў Мацвей Макарэвіч, трэцяе — Аляксандра Чурак.
Сярод пяцікласнікаў перамог Павел Усеня, які прадставіў на суд журы верш Фёдара Дастаеўскага “Божы дар”. Другое месца падзялілі Яна Сіманава і Уладзімір Дамарацкі. Трэцяе месца заняла Валерыя Мархель.
Большасць удзельнікаў конкурсу ўжо чацвёрты год наведваюць гурток “Духоўнае слова” СШ № 4, а з верасня бягучага года яны сталі ўдзельнікамі сумеснага праекта аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскага благачыння і СШ № 4 г. Нясвіжа.
Пераможцамі сярод дзевяцікласнікаў сталі Паліна Літвінская (1 месца) і Яўгеній Дубовік (3 месца), наведвальнікі клуба “Ноеў каўчэг” раённай бібліятэкі і гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа.
Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі, а таксама падарункамі, якія прадаставілі райкам прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раёна, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама і храм Узнясення Гасподня г. Нясвіжа.
Конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі “А верш імкнецца да нябёсаў — 2020” ужо стаў гісторыяй. Але дабрыні і шчырасці ў душах яго ўдзельнікаў ён, безумоўна, дадаў. І няхай не толькі словы вершаў узносяць да вышыняў, але і іншыя словы, прамоўленыя ў слых. Няхай яны будуць найлепшымі, як і думкі, з якіх усё пачынаецца.