“Чытаем Паўлюка Пранузу” конкурс юных чытальнікаў вершаў

05.05.2021

У межах  V фестывалю паэзіі імя Паўлюка Пранузы “Голасам свайго пакалення" прайшоў  традыцыйны конкурс юных чытальнікаў "Чытаем Паўлюка Пранузу". Конкурс праходзіў па трох узроставых катэгорыях, у якіх удзельнічалі школьнікі ад 7 да 15 гадоў школ горада і раёна: ДУА “Нясвіжская гімназія”, ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Нясвіжа”, ДУА “Сноўская сярэдняя школа”, ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Гарадзея”, ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Нясвіжа”, удзельнікі гуртка “Духоўнае слова”. Дзеці дэкламавалі на памяць любімы вершаваны твор паэта на беларускай мове. Дзеці пранікнёна чыталі вершы, імкнуліся перадаць унутраныя перажыванні і пачуцці, якія заклаў у свае вершы Паўлюк Прануза. Эмацыянальнае чытанне верша “Маці” Дзіянай Селіванавай знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў, выклікала нават слёзы ў некаторых з іх. Проста пакарыла сэрцы членаў журы і прысутных самая юная ўдзельніца Сафія Усава.

Вядома, усе юныя артысты хваляваліся, усе стараліся, у кожнага былі свае адметнасці, аднак умова конкурсу вымагала вызначыць пераможцаў.

Аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, беларускі пісьменнік, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка", кіраўнік Беларускага дзіцячага фонду, а таксама у складзе Зоі Мікалаеўны Кулік, сябра Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, вядучай міжнароднага радыё "Акіян +" і Кацярыны Віктараўны Дубовік, старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ацэньвала выбар твора выступаючымі, глыбіню іх пранікнення ў вобраз і сэнс, а таксама артыстызм выканання.

Складаней за ўсё было вызначыць пераможцу  у самай малодшай групе (7-9 гадоў): такой высокай атрымалася канкурэнцыя! 

Па выніках конкурса вызначаны пераможцы: Сафія Усава, Марыя Казленя, Лізавета  Мелехіна, Ксенія Плакса і Дзіяна Селіванава. Журы таксама адзначыла выступ Валерыі Прахода. Дзяўчаты ўзнагароджаны дыпломамі, памятнымі падарункамі, а таксама кнігамі У.С.Ліпскага з аўтографам і асабістымі пажаданнямі кожнаму пераможцу.Усе ўдзельнікі атрымалі граматы за ўдзел і салодкі прыз.