Конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі "Жывое слова мудрасці духоўнай"

27.12.2021

Апошнія дні адыходзячага года напоўнены шматлікімі справамі. Самыя адказныя  вучні  хвалююцца за вынікі другой чвэрці, іх падтрымліваюць бацькі і настаўнікі, ды ўсе разам —  юныя і дарослыя, занятыя пошукам падарункаў для сваіх блізкіх на Новы год і свята Нараджэння Хрыстова. А вось у удзельнікаў традыцыйнага чацвёртага конкурсу чытальнікаў духоўнай паэзіі, вучняў СШ №4 г. Нясвіжа, які для прадстраўнікоў пачатковай школы праходзіў пад назвай  “Жывое слова мудрасці духоўнай”, а для старэйшых — “У святле ісціны”, з’явілася добрая магчымасць падумаць пра падарункі для самога Хрыста. Сярод добрых спраў, думак, падараваных Хрысту, былі і словы, сказаныя паэтамі Беларусі і Расіі, прамоўленыя ўслых амаль трыццаццю канкурсантамі.

  Конкурсная праграма пачалася з благаславення намесніка благачыннага Нясвіжскага благачыння, клірыка храма Узнясення Гасподня іерэя Андрэя Еўшаля, вершаў сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Расціславаўны Шаблоўскай. Айцец Андрэй, Алена Расціславаўна разам з бібліятэкарам аддзела па рабоце з дзецьмі Наталляй Анатольеўнай Кульчыцкая увайшлі ў склад журы конкурсу.

Пераможцы былі вызначаны ў чатырох узроставых катэгорыях. Сярод другакласнікам першым стаў Максім Новік, які вельмі прачулена прачытаў верш “Дзіцячая малітва” Алены Міхаленка. На другім месцы апынулася Вікторыя Дзігмунтовіч, на трэцім — Дзмітрый Кірэйчык.

      Сярод вучняў 3-4 класаў пераможцам стаў чацвёртакласнік Данііл Сіпач. Трэцякласнікі Марына Сцепановіч і  Павел Ілясаў занялі адпаведна другое і трэцяе месца.

       Самая вялікая колькасць удзельнікаў — гэта  вучні пятых-шостых класаў. У гэтай узроставай катэгорыі пераможцамі сталі шасцікласнікі Андрэй Серакоў (1 месца) і Павел Усеня (2 месца). Пяцікласнік Мікіта Ілюкевіч апынуўся на трэцім месцы.

    Пераможцы сярод старшакласнікаў — Дзіяна Пяцігорац (1 месца), Алена Гарагляд (2 месца) і Арцём Гасціловіч (3 месца).

      Пераможцы атрымалі дыпломы і падарунікі, набытыя супрацоўнікамі аддзела па рабоце з дзецьмі бібліятэкі ў рамках праграмы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне. Спонсарскую дапамогу аказалі  райкам  прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раёна, а таксама Нясвіжскае благачынне, у прыватнасці храм Узнясення Гасподня г. Нясвіжа.

    Правядзенне конкурсу стала для рабят яшчэ адной нагодай камусьці успомніць, а каму даведацца ўпершыню пра гісторыю і духоўны сэнс свята Нараджэння Хрыстова. Пра гэта расказаў клірык храма Узнясення Гасподня іерэй Андрэй Еўшаль. Вось-вось мы счакаем гэту неардынарную падзею ў жыцці ўсяго хрысціянскага свету, якая набліжаецца з ціхім снегам і маразамі, а, магчыма, і з слязлівым настроем зімовага дажджу. Што чакае нас за апошняй старонкай сёлетняга календара? Радасці, новыя магчымасці, турботы, нейкія цяжкасці? Усё можа быць у нашым жыцці. Але галоўнае, трэба не забывацца быць з Богам. І канечне, не шкадаваць добрых слоў для сваіх родных, сяброў і кожнага чалавека, якога Гасподзь пасылае ў наша жыццё. Далучайце іх, разам з добрымі справамі, да слоў удзельнікаў конкурсу чытальнікаў духоўнай паэзіі, як найлепшы падарунак Народжанаму Хрысту.

                                                                                 Валянціна Шчарбакова